AGROCOLLEGE.BY - сайт твоего колледжа

Язык сайта

rubeende

Государственный герб Республики Беларусь

Наши соц. сети

Наша страница ВКонтактеНаша страница в ИнстаграмНаша страница в ЮтубНаша страница в Телеграм

Сайт учебной лаборатории Зоосад

Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь.

Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь

4 чэрвеня 1991 г. № 832-XІІ

Изменения и дополнения:

Закон Республики Беларусь от 14 мая 2001 г. № 16-З (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2001 г., № 48, 2/759) <H10100016>;

Закон Республики Беларусь от 18 мая 2004 г. № 282-З (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2004 г., № 87, 2/1031) – новая редакция <H10400282>;

Закон Республики Беларусь от 16 мая 2006 г. № 105-З (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2006 г., № 78, 2/1202) <H10600105>;

Закон Республики Беларусь от 8 ноября 2006 г. № 177-З (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2006 г., № 186, 2/1274) <H10600177>;

Закон Республики Беларусь от 18 июля 2007 г. № 265-З (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2007 г., № 173, 2/1362) <H10700265>;

Закон Республики Беларусь от 7 мая 2009 г. № 15-З (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2009 г., № 119, 2/1567) <H10900015>;

Закон Республики Беларусь от 9 ноября 2009 г. № 51-З (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2009 г., № 276, 2/1603) <H10900051>;

Закон Республики Беларусь от 28 декабря 2009 г. № 93-З (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2010 г., № 6, 2/1645) <H10900093> - Закон Республики Беларусь вступает в силу 25 января 2010 г.;

Закон Республики Беларусь от 31 декабря 2009 г. № 114-З (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2010 г., № 15, 2/1666) <H10900114>

ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ


Артыкул 1. Асноўныя паняцці, якія прымяняюцца ў гэтым Законе

1. У гэтым Законе прымяняюцца наступныя асноўныя паняцці і іх азначэнні:

1.1. культура – сукупнасць культурных каштоўнасцей, арыентаваных на задавальненне духоўных патрэбнасцей людзей і створаных (пераўтвораных) у выніку дзейнасці чалавека або цесна звязаных з такой дзейнасцю;

1.2. культурная дзейнасць – дзейнасць па стварэнню, аднаўленню (адраджэнню), захаванню, ахове, вывучэнню, папулярызацыі, выкарыстанню і распаўсюджванню культурных каштоўнасцей, эстэтычнаму выхаванню, мастацкай і культуралагічнай адукацыі, арганізацыі культурнага адпачынку (вольнага часу) насельніцтва;

1.3. культурныя каштоўнасці – створаныя (пераўтвораныя) чалавекам або цесна звязаныя з яго дзейнасцю матэрыяльныя аб’екты і нематэрыяльныя праяўленні творчасці чалавека, якія маюць мастацкае, гістарычнае, навуковае або іншае значэнне;

1.4. дзяржаўная палітыка ў галіне культуры – комплекс мер, якія прымаюцца дзяржаўнымі органамі Рэспублікі Беларусь па захаванню, развіццю і распаўсюджванню культуры, арганізацыйнаму, прававому, фінансаваму, матэрыяльна-тэхнічнаму, кадраваму, інфармацыйнаму і іншаму забеспячэнню культурнай дзейнасці;

1.5. аб’екты культурнай інфраструктуры – будынкі, збудаванні, памяшканні і іншая нерухомая маёмасць, якія прызначаны (выкарыстоўваюцца) для ажыццяўлення і забеспячэння культурнай дзейнасці;

1.6. арганізацыя культуры – юрыдычная асоба, якая ажыццяўляе ў якасці асноўнай дзейнасці культурную дзейнасць;

1.7. дзеячы культуры і мастацтва – работнікі культуры, творчыя работнікі, якія маюць ганаровыя званні ў галіне культуры;

1.8. калектыў мастацкай творчасці – аб’яднанне фізічных асоб, якія сумесна займаюцца мастацкай творчасцю;

1.9. манапалізм у культуры – дзеянні (бяздзеянне) суб’ектаў культурнай дзейнасці (за выключэннем фізічных асоб), якія супярэчаць гэтаму Закону, накіраваны на недапушчэнне, абмежаванне або ўстараненне канкурэнцыі і таксама наносяць шкоду правам, свабодам і законным інтарэсам грамадзян у галіне культуры;

1.10. мастацкая творчасць – стварэнне і (або) выкананне твораў мастацкай літаратуры і мастацтва;

1.11. работнік культуры – фізічная асоба, якая знаходзіцца ў працоўных адносінах з арганізацыяй культуры на падставе заключанага працоўнага дагавора (кантракта) і займаецца культурнай дзейнасцю;

1.12. творчая дзейнасць – від культурнай дзейнасці, які ўключае мастацкую творчасць і іншую інтэлектуальную дзейнасць, што завяршаецца з’яўленнем новага, не існаваўшага раней самастойнага выніку інтэлектуальнай дзейнасці ў галіне культуры.

2. Змест асобных паняццяў, якія выкарыстоўваюцца ў гэтым Законе, вызначаецца ў адпаведных артыкулах гэтага Закона.

Артыкул 2. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб культуры і адносіны, якія ім рэгулююцца

1. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб культуры грунтуецца на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і складаецца з гэтага Закона, іншых актаў заканадаўства, у тым ліку міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь, якія рэгулююць грамадскія адносіны, звязаныя з ажыццяўленнем і забеспячэннем культурнай дзейнасці.

2. Калі міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь устаноўлены іншыя правілы, чым тыя, якія прадугледжаны гэтым Законам, то прымяняюцца нормы міжнароднага дагавора.

3. Гэты Закон і іншыя акты заканадаўства аб культуры рэгулююць грамадскія адносіны ў наступных напрамках:

3.1. ахова гісторыка-культурнай спадчыны;

3.2. бібліятэчная справа;

3.3. дзейнасць творчых саюзаў і творчых работнікаў;

3.4. кінематаграфія;

3.5. музейная справа;

3.6. народнае мастацтва, народныя промыслы (рамёствы);

3.7. гастрольна-канцэртная дзейнасць;

3.8. выдавецкая справа ў частцы, звязанай з выданнем твораў літаратуры, якія маюць значэнне для захавання, развіцця і распаўсюджвання культуры, дзейнасць па распаўсюджванню і папулярызацыі ўказаных выданняў;

3.9. дзейнасць па арганізацыі культурнага адпачынку (вольнага часу) насельніцтва;

3.10. дзейнасць па стварэнню аб’ектаў культурнай інфраструктуры, вытворчасці (вырабу) інструментаў, абсталявання і іншай маёмасці, прызначаных для ажыццяўлення і забеспячэння культурнай дзейнасці;

3.11. дзейнасць па эстэтычнаму выхаванню, мастацкай і культуралагічнай адукацыі;

3.12. дзейнасць сродкаў масавай інфармацыі ў частцы, звязанай са стварэннем, выкарыстаннем, распаўсюджваннем і папулярызацыяй культурных каштоўнасцей;

3.13. мастацкая творчасць;

3.14. міжнароднае культурнае супрацоўніцтва;

3.15. навукова-даследчая і метадычная дзейнасць у галіне культуры;

3.16. прафесійная дзейнасць у галіне мастацкай літаратуры;

3.17. прафесійная дзейнасць у галіне мастацтва;

3.18. іншыя напрамкі, звязаныя з ажыццяўленнем і забеспячэннем культурнай дзейнасці, калі іншае не вызначана гэтым Законам.

Артыкул 3. Адказнасць за парушэнне заканадаўства аб культуры

Заканадаўствам устанаўліваецца крымінальная, адміністрацыйная, дысцыплінарная, матэрыяльная і іншая адказнасць за парушэнне заканадаўства аб культуры.

Артыкул 4. Суб’екты культурнай дзейнасці

1. Суб’ектамі культурнай дзейнасці з’яўляюцца:

1.1. работнікі культуры, іншыя фізічныя асобы;

1.2. арганізацыі культуры;

1.3. суб’екты творчай дзейнасці:

творчыя работнікі і іншыя фізічныя асобы, якія ажыццяўляюць творчую дзейнасць;

калектывы мастацкай творчасці;

1.4. дзяржаўныя органы;

1.5. органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання;

1.6. навукова-даследчыя ўстановы і ўстановы адукацыі ў галіне культуры;

1.7. іншыя юрыдычныя асобы.

2. У выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі аб культуры, суб’ектамі культурнай дзейнасці могуць выступаць падраздзяленні юрыдычных асоб, у тым ліку адасобленыя.

Артыкул 5. Ажыццяўленне і забеспячэнне культурнай дзейнасці

1. Суб’екты культурнай дзейнасці маюць права ў адпаведнасці з гэтым Законам і іншымі актамі заканадаўства ажыццяўляць і (або) забяспечваць культурную дзейнасць.

2. Асноўнымі прынцыпамі ажыццяўлення і забеспячэння культурнай дзейнасці з’яўляюцца:

2.1. свабода мастацкай творчасці і іншай творчай дзейнасці, самаразвіццё творчых працэсаў;

2.2. разнастайнасць напрамкаў, форм, жанраў і стыляў у творчай дзейнасці, недапушчальнасць манапалізму ў культуры і манапалізацыі культурнай дзейнасці;

2.3. прыярытэт развіцця беларускай нацыянальнай культуры;

2.4. агульнадаступнасць культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца ў дзяржаўных і грамадскіх фондах;

2.5. роўнасць суб’ектаў культурнай дзейнасці перад законам, недапушчальнасць устанаўлення пераваг і прывілей у галіне культуры, якія супярэчаць закону;

2.6. арыентацыя на нацыянальныя і агульначалавечыя каштоўнасці, культурныя каштоўнасці, якія носяць высокамастацкі і высокамаральны характар;

2.7. гуманістычная накіраванасць і ўзмацненне асобаснага пачатку ў культурнай дзейнасці;

2.8. усямерная ахова, захаванне, рацыянальнае выкарыстанне і памнажэнне гісторыка-культурнай спадчыны і інтэлектуальнай уласнасці ў галіне культуры;

2.9. свабоднае развіццё культур усіх нацыянальных супольнасцей, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь;

2.10. узаемадзеянне беларускай нацыянальнай культуры з культурамі іншых народаў і яе інтэграцыя ў сусветную культуру;

2.11. спалучэнне дзяржаўных і грамадскіх пачаткаў у арганізацыі культурнай дзейнасці і кіраванні ёю.

Артыкул 6. Свабода творчай дзейнасці

1. Свабода творчай дзейнасці складаецца з права выбару сфер, напрамкаў (школ), форм, прыёмаў і метадаў творчай дзейнасці, самастойнага вызначэння формы і зместу, жанру, мовы, стылю, годнасці і прызначэння ствараемых твораў мастацкай літаратуры і мастацтва, рэпертуару выконваемых твораў, мовы, стылю і манеры выканання.

2. Умяшанне дзяржаўных органаў (арганізацый), іх службовых асоб, юрыдычных і фізічных асоб у працэс стварэння і (або) выканання суб’ектамі творчай дзейнасці твораў мастацкай літаратуры і мастацтва (далей – творчы працэс) з мэтай вызначыць змест творчага працэсу і (або) уздзейнічаць на яго вынікі не дапускаецца, за выключэннем выпадкаў, калі вынікі творчага працэсу:

2.1. могуць быць накіраваны супраць суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, заклікаюць да гвалтоўнага захопу дзяржаўнай улады або змянення канстытуцыйнага ладу;

2.2. змяшчаюць і распаўсюджваюць паведамленні, што знеслаўляюць гонар і годнасць Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, кіраўнікоў дзяржаўных органаў, статус якіх устаноўлены Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь;

2.3. прапагандуюць вайну, гвалт і жорсткасць, сацыяльную, нацыянальную, рэлігійную, расавую выключнасць, нецярпімасць або варожасць, парнаграфію, падбухторваюць да ўчынення злачынстваў;

2.4. змяшчаюць інфармацыю аб спосабах забойства чалавека, вырабу прылад і сродкаў забойства;

2.5. могуць прычыніць шкоду здароўю і маральнасці чалавека;

2.6. у іншых выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі.

3. Не з’яўляюцца ўмяшаннем у творчы працэс дзеянні, заснаваныя на дагаворы з суб’ектам творчай дзейнасці аб стварэнні і выкарыстанні вынікаў творчага працэсу.

4. Любое ўмяшанне ў творчы працэс суб’екта творчай дзейнасці можа быць абскарджана ў суд у адпаведнасці з заканадаўствам.

Артыкул 7. Ажыццяўленне творчай дзейнасці

1. Творчая дзейнасць, уключаючы аўтэнтычна-фальклорную дзейнасць, ажыццяўляецца як на прафесійнай, так і на непрафесійнай (аматарскай) аснове.

2. Творчая дзейнасць ажыццяўляецца як індывідуальна, так і на калектыўнай аснове.

Артыкул 8. Сацыяльна-творчыя заказы

1. Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, іншыя дзяржаўныя органы маюць права размяшчаць у суб’ектаў культурнай дзейнасці з іх згоды сацыяльна-творчыя заказы з мэтай стымулявання творчага пошуку, падтрымкі таленавітых аўтараў і выканаўцаў, рашэння іншых сацыяльна-культурных задач.

2. Сацыяльна-творчы заказ – дагавор на стварэнне новых твораў мастацкай літаратуры, фільмаў, тэатральных пастановак і канцэртных праграм, іншых вынікаў творчай дзейнасці, арганізацыю і правядзенне выставак, фестываляў, аглядаў, конкурсаў, іншых культурных мерапрыемстваў, аказанне паслуг у галіне культуры.

Артыкул 9. Парадак распаўсюджвання і папулярызацыі вынікаў творчай дзейнасці

1. Суб’екты культурнай дзейнасці, якія распаўсюджваюць і (або) папулярызуюць вынікі творчай дзейнасці, маюць права самастойна вызначаць рэпертуарную палітыку і змест культурных праграм, распаўсюджваць і (або) папулярызаваць творы мастацкай літаратуры і мастацтва, розныя па відах, напрамках (школах), форме і зместу, жанры, мове, стылю, папулярызаваць творчасць розных аўтараў, выканаўцаў і калектываў мастацкай творчасці.

2. Забараняюцца распаўсюджванне і (або) папулярызацыя твораў мастацкай літаратуры і мастацтва ў выпадках, прадугледжаных пунктам 2 артыкула 6 гэтага Закона.

3. Парадак прыняцця рашэнняў аб забароне або абмежаванні апублікавання, публічнага выканання і паказу твораў мастацкай літаратуры і мастацтва, абнародавання іх іншым спосабам, аб забароне або абмежаванні правядзення іншых культурных мерапрыемстваў у выпадках, прадугледжаных пунктам 2 артыкула 6 гэтага Закона, а таксама дзяржаўныя органы, упаўнаважаныя на прыняцце такіх рашэнняў, вызначаюцца Урадам Рэспублікі Беларусь.

4. Рашэнне дзяржаўнага органа, дзеянні ўказанага органа або яго службовай асобы, звязаныя з забаронай або абмежаваннем абнародавання твораў мастацкай літаратуры і мастацтва, а таксама з забаронай або абмежаваннем правядзення культурных мерапрыемстваў, могуць быць абскарджаны ў суд у адпаведнасці з заканадаўствам.

5. Асаблівасці парадку распаўсюджвання і (або) папулярызацыі вынікаў творчай дзейнасці ў ходзе правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў устанаўліваюцца актамі заканадаўства аб правядзенні масавых мерапрыемстваў.


ГЛАВА 2
ДЗЯРЖАЎНАЯ ПАЛІТЫКА, ДЗЯРЖАЎНАЕ РЭГУЛЯВАННЕ І КІРАВАННЕ Ў ГАЛІНЕ КУЛЬТУРЫ


Артыкул 10. Асноўныя мэты і прыярытэты дзяржаўнай палітыкі ў галіне культуры

1. Дзяржаўная палітыка ў галіне культуры грунтуецца на прызнанні культуры ў якасці аднаго з галоўных фактараў самабытнасці беларускага народа, іншых нацыянальных супольнасцей, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, пераемнасці пакаленняў, а таксама ў якасці асновы развіцця і самарэалізацыі асобы, адукацыі і выхавання дзяцей і моладзі.

2. Асноўнымі мэтамі дзяржаўнай палітыкі ў галіне культуры з’яўляюцца:

2.1. забеспячэнне і абарона канстытуцыйнага права кожнага на ўдзел у культурным жыцці;

2.2. устанаўленне гарантый свабоды мастацкай творчасці і іншай творчай дзейнасці;

2.3. садзейнічанне захаванню, развіццю і распаўсюджванню культуры на карысць інтарэсаў чалавека і грамадства;

2.4. сацыяльная абарона работнікаў культуры і творчых работнікаў;

2.5. абарона грамадскай маралі, сцвярджэнне гуманістычных ідэй і высокіх маральных пачаткаў у грамадскім жыцці, фарміраванне эстэтычнага жыццёвага асяроддзя;

2.6. развіццё міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне культуры.

3. Прыярытэтамі дзяржаўнай палітыкі ў галіне культуры з’яўляюцца:

3.1. захаванне, развіццё і распаўсюджванне беларускай нацыянальнай культуры і мовы;

3.2. стварэнне, распаўсюджванне і папулярызацыя твораў мастацкай літаратуры і мастацтва для дзяцей і моладзі;

3.3. стварэнне ўмоў для эстэтычнага выхавання, мастацкай і культуралагічнай адукацыі дзяцей і моладзі;

3.4. папулярызацыя класічных твораў мастацкай літаратуры і мастацтва, іншых эстэтычных і маральных каштоўнасцей айчыннай і сусветнай культуры;

3.5. забеспячэнне функцыянавання і развіцця культуры ў сельскай мясцовасці.

Артыкул 11. Дзяржаўныя органы, якія ажыццяўляюць дзяржаўнае рэгуляванне і кіраванне ў галіне культуры

Дзяржаўнае рэгуляванне і кіраванне ў галіне культуры ажыццяўляюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, Урадам Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, іншымі дзяржаўнымі органамі ў межах іх кампетэнцыі.

Артыкул 12. Напрамкі дзяржаўнага рэгулявання і кіравання ў галіне культуры

Дзяржаўныя органы, якія ажыццяўляюць рэгуляванне і кіраванне ў галіне культуры, у адпаведнасці са сваёй кампетэнцыяй:

фарміруюць і рэалізуюць дзяржаўную палітыку ў галіне культуры ў адпаведнасці з асноўнымі прынцыпамі ажыццяўлення і забеспячэння культурнай дзейнасці і прыярытэтамі дзяржаўнай палітыкі ў галіне культуры, вызначаюць агульную стратэгію сацыяльна-эканамічнага і навукова-тэхнічнага развіцця ва ўказанай галіне;

распрацоўваюць і зацвярджаюць дзяржаўныя праграмы захавання і развіцця культуры, забяспечваюць іх выкананне;

пры распрацоўцы дзяржаўных праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця, іншых дзяржаўных праграм улічваюць магчымасць уздзеяння вынікаў іх рэалізацыі на захаванне і развіццё культуры, а таксама ўздзеяння самой культуры на гэтыя вынікі;

устанаўліваюць і перыядычна пераглядаюць дзяржаўныя мінімальныя сацыяльныя стандарты ў галіне культуры, забяспечваюць іх рэалізацыю;

ствараюць дзяржаўныя арганізацыі культуры і кіруюць іх дзейнасцю, садзейнічаюць развіццю матэрыяльна-тэхнічнай базы дзяржаўных арганізацый культуры;

ажыццяўляюць планаванне, забяспечваюць праектаванне і будаўніцтва (стварэнне) аб’ектаў культурнай інфраструктуры, неабходных для выканання дзяржаўных праграм захавання і развіцця культуры, рэалізацыі дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартаў у галіне культуры;

забяспечваюць уключэнне ў праекты будаўніцтва грамадскіх і жылых будынкаў (комплексаў), забудовы жылых масіваў заданняў па іх мастацкаму афармленню, а таксама спалучэнне архітэктурных рашэнняў новых збудаванняў з існуючай забудовай, прыродным ландшафтам з улікам ахоўных зон нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, выкарыстанне нацыянальных традыцый і прыёмаў забудовы, ландшафтнай архітэктуры з мэтай фарміравання эстэтычнага жыццёвага асяроддзя;

пры фарміраванні рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў на чарговы фінансавы год прадугледжваюць выдзяленне сродкаў на фінансаванне культурнай дзейнасці;

стымулююць культурную дзейнасць, дабрачынную дзейнасць i прадастаўленне бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі ў галіне культуры шляхам устанаўлення і прадастаўлення гарантый суб’ектам творчай дзейнасці, ільгот некамерцыйным арганізацыям культуры, а таксама фізічным і юрыдычным асобам, якія ажыццяўляюць дабрачынную дзейнасць i прадастаўленне бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі ў галіне культуры;

маральна і матэрыяльна заахвочваюць работнікаў культуры, суб’ектаў творчай дзейнасці, якія ўнеслі значны ўклад у захаванне, развіццё і распаўсюджванне культуры;

аказваюць асаблівую падтрымку юным таленавітым аўтарам і выканаўцам, творчай моладзі, а таксама пачынаючым калектывам мастацкай творчасці;

забяспечваюць у адпаведнасці з заканадаўствам свабодны доступ да культурных каштоўнасцей і культурнай дзейнасці на льготных умовах для інвалідаў, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў, ваеннаслужачых тэрміновай службы, дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, навучэнцаў агульнаадукацыйных устаноў, устаноў, што забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, а таксама для тых, хто мае асаблівыя заслугі перад дзяржавай;

ствараюць спрыяльныя ўмовы для эстэтычнага выхавання, мастацкай і культуралагічнай адукацыі дзяцей і моладзі шляхам гуманітарызацыі ўсёй сістэмы адукацыі, падтрымкі і развіцця ўстаноў адукацыі ў галіне культуры;

арганізуюць правядзенне культурных мерапрыемстваў, звязаных з распаўсюджваннем і папулярызацыяй культурных каштоўнасцей;

спрыяюць стварэнню, распаўсюджванню і папулярызацыі суб’ектамі культурнай дзейнасці культурных каштоўнасцей, якія маюць высокамастацкае і высокамаральнае значэнне, у тым ліку шляхам размяшчэння сацыяльна-творчых заказаў і фінансавання культурных праграм (праектаў, мерапрыемстваў);

ствараюць умовы для адраджэння і развіцця гістарычных традыцый народнай творчасці, заахвочваюць культурную дзейнасць юрыдычных і фізічных асоб ва ўказанай сферы;

садзейнічаюць развіццю літаратурнай і мастацкай крытыкі, арганізацыі і правядзенню фестываляў, аглядаў, конкурсаў, экспертыз і іншых форм аб’ектыўнай і незалежнай ацэнкі вынікаў творчай дзейнасці;

ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку прымаюць меры па абароне грамадскай маралі;

забяспечваюць правядзенне навуковых даследаванняў, распрацоўку і ажыццяўленне навуковых праграм і праектаў у галіне культуры, аказанне метадычнай дапамогі арганізацыям культуры;

арганізуюць падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі работнікаў культуры;

ажыццяўляюць выяўленне, улік, вывучэнне, рэстаўрацыю і ахову аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны;

забяспечваюць афіцыйнае апублікаванне актаў заканадаўства аб культуры, якія прыняты, выдадзены імі, давядзенне да ўсеагульнага ведама ў іншай форме актаў заканадаўства аб культуры, дзяржаўных праграм захавання і развіцця культуры, іншай дакументаванай інфармацыі аб культурным жыцці, калі яна мае грамадска значны характар;

вядуць дзяржаўную статыстыку па формах нецэнтралізаваных дзяржаўных статыстычных назіранняў i ўказаннях па ix запаўненню, якія распрацоўваюцца iмi і зацвярджаюцца рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання ў галіне дзяржаўнай статыстыкі;

ствараюць дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, якія спецыялізуюцца на асвятленні культурнага жыцця ў Рэспубліцы Беларусь і замежных дзяржавах; стымулююць публікацыі або паведамленні на тэмы, звязаныя з культурным жыццём, у іншых дзяржаўных, а таксама недзяржаўных сродках масавай інфармацыі, у тым ліку шляхам размяшчэння сацыяльна-творчых заказаў, прадастаўлення падатковых і іншых ільгот;

стымулююць выданне літаратуры, якая мае значэнне для захавання, развіцця і распаўсюджвання культуры (творы літаратуры нацыянальнай тэматыкі, для дзяцей і моладзі, класічныя творы мастацкай літаратуры і інш.);

садзейнічаюць укараненню перадавых інфармацыйных тэхналогій у дзейнасць арганізацый культуры, ствараюць адзіную дзяржаўную сістэму інфармацыйнага забеспячэння культурнай дзейнасці і адзіную інфармацыйную адукацыйную прастору ў галіне культуры;

рэгулююць перамяшчэнне культурных каштоўнасцей праз мяжу Рэспублікі Беларусь, перашкаджаюць незаконнаму вывазу за межы Рэспублікі Беларусь культурных каштоўнасцей і незаконнай перадачы права ўласнасці на іх, прымаюць меры па вяртанню ў Рэспубліку Беларусь культурных каштоўнасцей, незаконна вывезеных з яе тэрыторыі або не вернутых ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку;

ствараюць умовы для міжнароднага культурнага супрацоўніцтва, развіваюць культурныя сувязі з суайчыннікамі, якія пражываюць за мяжой;

аказваюць падтрымку міжнародным арганізацыям, якія створаны і (або) дзейнічаюць у Рэспубліцы Беларусь у мэтах выканання яе міжнародных абавязацельстваў у галіне культуры;

могуць аказваць падтрымку творчым саюзам у адпаведнасці з заканадаўствам;

ствараюць спрыяльныя ўмовы для развіцця клубных устаноў для інвалідаў;

выконваюць іншыя абавязкі, прадугледжаныя гэтым Законам і іншымі актамі заканадаўства.

Артыкул 13. Узаемадзеянне органаў дзяржаўнага кіравання ў галіне культуры з органамі мясцовага самакіравання і грамадскімі арганізацыямі (аб’яднаннямі)

1. Дзяржаўныя органы ажыццяўляюць рэгуляванне і кіраванне ў галіне культуры ва ўзаемадзеянні з органамі тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, а таксама творчымі саюзамі і іншымі грамадскімі арганізацыямі (аб’яднаннямі), якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць. Напрамкі і формы такога ўзаемадзеяння вызначаюцца гэтым Законам і іншымі актамі заканадаўства.

2. З мэтай стварэння арганізацыйных асноў узаемадзеяння органаў дзяржаўнага кіравання ў галіне культуры і грамадскіх арганізацый (аб’яднанняў), якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць, дзеячаў культуры і мастацтва, іншых суб’ектаў культурнай дзейнасці пры дзяржаўных органах могуць стварацца грамадскія саветы і іншыя кансультатыўныя органы.

Артыкул 14. Дзяржаўныя праграмы захавання і развіцця культуры

1. Дзяржаўныя праграмы захавання і развіцця культуры падзяляюцца на рэспубліканскія і рэгіянальныя.

2. Рэспубліканскія праграмы захавання і развіцця культуры вызначаюць меры па захаванню, развіццю і распаўсюджванню культуры на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

3. Рэгіянальныя праграмы захавання і развіцця культуры вызначаюць меры па захаванню, развіццю і распаўсюджванню культуры на ўзроўні адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі Рэспублікі Беларусь.

4. Рэспубліканскія праграмы захавання і развіцця культуры распрацоўваюцца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь не менш чым на пяць гадоў і зацвярджаюцца Урадам Рэспублікі Беларусь.

5. Рэгіянальныя праграмы захавання і развіцця культуры могуць распрацоўвацца па рашэнню мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Указаныя праграмы зацвярджаюцца адпаведнымі мясцовымі Саветамі дэпутатаў.


ГЛАВА 3
ПРАВЫ І АБАВЯЗКІ ГРАМАДЗЯН У ГАЛІНЕ КУЛЬТУРЫ


Артыкул 15. Правы і абавязкі грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў галіне культуры

1. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь у галіне культуры маюць права на:

1.1. дастойны ўзровень культурнага жыцця;

1.2. атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб культурным жыцці;

1.3. удзел у культурным жыцці;

1.4. свабоду творчай дзейнасці;

1.5. захаванне і развіццё нацыянальных культурных традыцый;

1.6. ахову інтэлектуальнай уласнасці ў галіне культуры;

1.7. эстэтычнае выхаванне, мастацкую і культуралагічную адукацыю;

1.8. свабоду аб’яднанняў у галіне культуры;

1.9. стварэнне арганізацый культуры.

2. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь у галіне культуры абавязаны:

2.1. берагчы гісторыка-культурную, духоўную спадчыну і іншыя нацыянальныя культурныя каштоўнасці;

2.2. паважаць культуру і мову ўсіх нацыянальных супольнасцей, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь.

3. Бацькі або асобы, якія іх замяняюць, абавязаны клапаціцца аб эстэтычным выхаванні, культурным развіцці дзяцей, далучэнні іх да культурных каштоўнасцей.

4. Замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь карыстаюцца правамі і свабодамі і выконваюць абавязкі ў галіне культуры нараўне з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, калі іншае не вызначана Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, гэтым Законам, іншымі законамі і міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 16. Права на дастойны ўзровень культурнага жыцця

Грамадзяне маюць права на дастойны ўзровень забяспечанасці з улікам іх месца жыхарства агульнадаступнымі паслугамі ў галіне культуры, арганізацыямі культуры, якія аказваюць такія паслугі, аб’ектамі культурнай інфраструктуры, а таксама якасны ўзровень распаўсюджваемых і папулярызуемых культурных каштоўнасцей і эстэтычнага жыццёвага асяроддзя.

Артыкул 17. Права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб культурным жыцці

1. Грамадзянам гарантуецца права на атрыманне, захоўванне, распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб змесце культурнай дзейнасці, культурных каштоўнасцях і аб’ектах культурнай інфраструктуры.

2. Не можа быць прадастаўлена або распаўсюджана інфармацыя аб культурным жыцці, калі звесткі, што складаюць гэту інфармацыю, належаць да дзяржаўнай або іншай ахоўваемай законам тайны.

Артыкул 18. Права на ўдзел у культурным жыцці

1. Грамадзяне прымаюць удзел у культурным жыцці шляхам заняцця культурнай дзейнасцю, доступу (далучэння) да культурных каштоўнасцей і карыстання імі.

2. Права кожнага на заняцце культурнай дзейнасцю прадугледжвае:

2.1. свабоду выбару сферы, віду, напрамку і формы культурнай дзейнасці ў адпаведнасці са сваімі патрэбнасцямі, інтарэсамі і здольнасцямі (магчымасцямі);

2.2. магчымасць самастойна ці сумесна з іншымі суб’ектамі культурнай дзейнасці ажыццяўляць выбраную культурную дзейнасць.

3. Права кожнага на доступ (далучэнне) да культурных каштоўнасцей і карыстанне імі прадугледжвае:

3.1. свабоду выбару віду культурных каштоўнасцей, якія цікавяць, а таксама формы далучэння да іх;

3.2. магчымасць наведвання арганізацый культуры, аб’ектаў культурнай інфраструктуры з мэтай азнаямлення з культурнымі каштоўнасцямі, іх вывучэння і засваення;

3.3. магчымасць далучэння да культурных каштоўнасцей з дапамогай інфармацыі, зафіксаванай на матэрыяльных носьбітах, а таксама аўдыё-, аўдыёвізуальных і іншых паведамленняў, якія распаўсюджваюцца сродкамі масавай інфармацыі;

3.4. магчымасць азнаямлення з культурнымі каштоўнасцямі, іх вывучэння і засваення шляхам непасрэднага ўспрымання;

3.5. магчымасць выкарыстання культурных каштоўнасцей у адпаведнасці з заканадаўствам.

4. Права свабоднага доступу (далучэння) да культурных каштоўнасцей дзейнічае ў адносінах да:

4.1. матэрыяльных культурных каштоўнасцей, якія належаць дзяржаве і (або) знаходзяцца ў фондах арганізацый культуры, поўнасцю або часткова фінансуемых з рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў;

4.2. нематэрыяльных культурных каштоўнасцей, выключныя правы на выкарыстанне якіх належаць дзяржаве, арганізацыям культуры, поўнасцю або часткова фінансуемым з рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў, а таксама нематэрыяльных культурных каштоўнасцей, што перайшлі ў грамадскі набытак.

5. Умовы і парадак свабоднага доступу (далучэння) да культурных каштоўнасцей, указаных у пункце 4 гэтага артыкула, вызначаюцца гэтым Законам і іншымі актамі заканадаўства.

6. Права свабоднага доступу (далучэння) да культурных каштоўнасцей, указаных у пункце 4 гэтага артыкула, не выключае магчымасці ўстанаўлення заканадаўчымі актамі аб культуры або ў адпаведнасці з імі абмежаванняў, якія грунтуюцца на спецыфіцы культурных каштоўнасцей і (або) неабходнасці забеспячэння іх захавання.

7. Магчымасць доступу (далучэння) да культурных каштоўнасцей, не ўказаных у пункце 4 гэтага артыкула, а таксама ўмовы і парадак такога доступу вызначаюцца ўласнікам або ўладальнікам выключных правоў на культурныя каштоўнасці, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўчымі актамі.

Артыкул 19. Права на захаванне і развіццё нацыянальных культурных традыцый

1. Грамадзяне, якія належаць да любой нацыянальнай супольнасці і пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, маюць права захоўваць і развіваць сваю нацыянальную культуру, выхоўваць дзяцей у нацыянальных культурных традыцыях, карыстацца роднай мовай.

2. Грамадзяне, якія належаць да любой нацыянальнай супольнасці, маюць права на стварэнне ў Рэспубліцы Беларусь грамадскіх аб’яднанняў, што ажыццяўляюць культурную дзейнасць.

Артыкул 20. Права на эстэтычнае выхаванне, мастацкую і культуралагічную адукацыю

Грамадзяне без абмежаванняў узросту маюць права на выбар форм і спосабаў эстэтычнага выхавання, мастацкай і культуралагічнай адукацыі ў адпаведнасці з гэтым Законам і заканадаўствам аб адукацыі.


ГЛАВА 4
АРГАНІЗАЦЫІ КУЛЬТУРЫ


Артыкул 21. Віды і асноўныя тыпы арганізацый культуры

1. Арганізацыі культуры ў Рэспубліцы Беларусь па форме ўласнасці падзяляюцца на дзяржаўныя і прыватныя, па асноўнай мэце дзейнасці – на камерцыйныя і некамерцыйныя.

2. Арганізацыі культуры падраздзяляюцца на наступныя асноўныя тыпы:

2.1. бібліятэкі;

2.2. музеі;

2.3. карцінныя, мастацкія галерэі і галерэі мастацтваў, выставачныя залы, панарамы і іншыя выставачныя арганізацыі ў галіне культуры;

2.4. клубы, палацы (дамы, цэнтры) культуры, цэнтры (дамы) народнай творчасці (народнага мастацтва, фальклору), цэнтры (дамы) рамёстваў, маладзёжныя культурныя цэнтры, цэнтры нацыянальных культур і іншыя клубныя ўстановы (далей – клубныя ўстановы);

2.5. паркі культуры і адпачынку, гарадскія сады, заапаркі, заасады (далей – паркі);

2.6. кніжныя палаты;

2.7. тэатры;

2.8. цыркі;

2.9. філармоніі і іншыя канцэртныя арганізацыі (далей – канцэртныя арганізацыі);

2.10. арганізацыі кінематаграфіі;

2.11. творчыя майстэрні;

2.12. арганізацыі народных промыслаў (рамёстваў);

2.13. навукова-праектныя і вытворчыя рэстаўрацыйныя арганізацыі;

2.14. навукова-даследчыя ўстановы і метадычныя цэнтры народнай творчасці (культурна-асветніцкай работы).

3. У Рэспубліцы Беларусь могуць стварацца арганізацыі культуры іншых, не ўказаных у пункце 2 гэтага артыкула тыпаў, у тым ліку змешаных.

31. Арганізацыі культуры, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць праз падрыхтоўку, арганізацыю, паказ i (або) правядзенне спектакляў, канцэртаў ці іншых публічных паказаў, лічацца тэатральна-відовішчнымі.

Да тэатральна-відовішчных арганізацый адносяцца тэатры, цыркі, канцэртныя арганізацыі, іншыя тыпы арганізацый культуры, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць, указаную ў частцы першай гэтага пункта.

32. Арганізацыі культуры, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць праз забеспячэнне доступу фізічных асоб да культурных каштоўнасцей, што знаходзяцца ў фондах гэтых арганізацый, або праз стварэнне ўмоў для заняцця народнай і мастацкай творчасцю, самаадукацыяй, а таксама для духоўнага і фізічнага развіцця, лічацца культурна-асветнымі.

Да культурна-асветных арганізацый адносяцца музеі, бібліятэкі, клубныя ўстановы, іншыя тыпы арганізацый культуры, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць, указаную ў частцы першай гэтага пункта.

33. Арганізацыям культуры ў выпадках, вызначаных Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, можа быць прысвоены статус «нацыянальны».

Парадак прысваення, перыядычнага пацвярджэння, пазбаўлення статусу «нацыянальны» i асаблівасці прававога становішча арганізацый культуры з такім статусам вызначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

4. Арганізацыйна-прававыя формы, асаблівасці прававога становішча і парадку дзейнасці асобных тыпаў арганізацый культуры вызначаюцца гэтым Законам і іншымі актамі заканадаўства.

5. Гэтым Законам, іншымі актамі заканадаўства аб культуры могуць быць прадугледжаны абавязковыя патрабаванні (умовы), пры выкананні якіх дапускаецца стварэнне арганізацый культуры пэўных відаў (тыпаў), у тым ліку патрабаванні да складу фондаў культурных каштоўнасцей, а таксама маёмасці, што перадаюцца заснавальнікам арганізацыі культуры для ажыццяўлення або забеспячэння культурнай дзейнасці.

Артыкул 22. Асаблівасці ўстаноў культуры як адной з форм некамерцыйных арганізацый культуры

1. Установа культуры – арганізацыя, якая ствараецца для ажыццяўлення інфармацыйных, асветных, адукацыйных, выхаваўчых, забаўляльных і іншых функцый некамерцыйнага характару ў галіне культуры і фінансуецца поўнасцю або часткова яе заснавальнікам.

2. Установа культуры дзейнічае на падставе статута, зацверджанага заснавальнікам.

3. Непасрэднае кіраўніцтва ўстановай культуры ажыццяўляе кіраўнік, які прызначаецца на пасаду і вызваляецца ад пасады заснавальнікам, а таксама іншыя органы кіравання, вызначаныя заканадаўствам і (або) статутам установы культуры. Заснавальнік заключае з кіраўніком установы культуры працоўны дагавор (кантракт) у адпаведнасці з заканадаўствам.

4. Установа культуры валодае, карыстаецца і распараджаецца замацаванай за ёю маёмасцю на праве аператыўнага кіравання.

5. Заснавальнікі ўстаноў культуры абавязаны забяспечыць установы культуры будынкамі або памяшканнямі, абсталяваннем, тэхнічнымі і іншымі сродкамі, неабходнымі для ажыццяўлення асноўнай дзейнасці.

6. Перавод устаноў культуры ў памяшканні, якія пагаршаюць умовы іх дзейнасці, не дапускаецца.

Артыкул 23. Стварэнне, дзяржаўная рэгістрацыя, рэарганізацыя і ліквідацыя арганізацый культуры

1. Парадак стварэння, дзяржаўнай рэгістрацыі, рэарганізацыі і ліквідацыі арганізацый культуры вызначаецца Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусь, гэтым Законам і іншымі заканадаўчымі актамі.

2. У кожнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінцы Рэспублікі Беларусь Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі прымаюцца меры па стварэнню комплексу дзяржаўных арганізацый культуры, які гарантуе задавальненне асноўных духоўных патрэбнасцей насельніцтва.

3. Мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы маюць права ствараць дзяржаўныя арганізацыі культуры любых тыпаў звыш нарматываў, вызначаных дзяржаўнымі мінімальнымі сацыяльнымі стандартамі ў галіне культуры.

4. Пры планаванні стварэння дзяржаўных арганізацый культуры ўлічваюцца гістарычныя, нацыянальныя і геаграфічныя асаблівасці мясцовасці.

5. Ліквідацыя дзяржаўных устаноў культуры не дапускаецца, калі такая ліквідацыя выкліча немагчымасць выканання дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартаў у галіне культуры.

6. Рэарганізацыя і ліквідацыя дзяржаўных устаноў культуры, якія маюць асаблівае значэнне для захавання, развіцця і распаўсюджвання беларускай нацыянальнай культуры, ажыццяўляюцца са згоды Урада Рэспублікі Беларусь. Пералік такіх устаноў культуры зацвярджаецца Урадам Рэспублікі Беларусь.


ГЛАВА 5
КАЛЕКТЫВЫ МАСТАЦКАЙ ТВОРЧАСЦІ


Артыкул 24. Віды, жанры і формы калектываў мастацкай творчасці

1. Калектывы мастацкай творчасці могуць стварацца ў выглядзе:

1.1. прафесійных калектываў мастацкай творчасці (далей – прафесійны калектыў);

1.2. непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці (далей – аматарскі калектыў);

1.3. аўтэнтычных фальклорных калектываў мастацкай творчасці (далей – фальклорны калектыў).

2. Прафесійным калектывам прызнаецца калектыў, што складаецца з фізічных асоб, якія сумесна займаюцца мастацкай творчасцю на прафесійнай аснове (як правіла, у якасці асноўнага занятку, што прыносіць даход).

3. Аматарскім калектывам прызнаецца калектыў, што складаецца з фізічных асоб, якія сумесна займаюцца мастацкай творчасцю, як правіла, на грамадскіх пачатках, за выключэннем кіраўніка аматарскага калектыву, які працуе на прафесійнай аснове. Статус аматарскага калектыву пацвярджаецца пашпартам аматарскага калектыву.

4. Фальклорным калектывам прызнаецца калектыў, што складаецца з фізічных асоб, звязаных з натуральным фальклорным асяроддзем канкрэтнай мясцовасці, якія атрымалі і перадаюць фальклорныя веды і навыкі ў парадку вуснай традыцыі, сумесна займаюцца мастацкай творчасцю на аснове самаарганізацыі і самакіравання. Прававое становішча фальклорнага калектыву вызначаецца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

5. У Рэспубліцы Беларусь могуць стварацца калектывы мастацкай творчасці, розныя па жанрах (тэатральныя, вакальна-харавыя, харэаграфічныя, музычна-інструментальныя, дэкаратыўна-прыкладныя, выяўленчыя, цыркавыя і інш.) і формах (хор, ансамбль, аркестр, студыя і інш.).

Артыкул 25. Статус прафесійных і аматарскіх калектываў, якія не з’яўляюцца арганізацыямі культуры

1. Прафесійны калектыў, які не з’яўляецца арганізацыяй культуры, ствараецца ў якасці структурнага падраздзялення юрыдычнай асобы і дзейнічае на падставе палажэння, зацверджанага заснавальнікам прафесійнага калектыву.

2. Аматарскі калектыў, які не з’яўляецца арганізацыяй культуры, можа быць створаны ў якасці структурнага падраздзялення юрыдычнай асобы або ў іншых формах, прадугледжаных заканадаўствам. Аматарскі калектыў, які не з’яўляецца арганізацыяй культуры, дзейнічае на падставе агульнага палажэння аб аматарскім калектыве ў Рэспубліцы Беларусь, якое зацвярджаецца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, і пашпарта аматарскага калектыву.

Артыкул 26. Пашпарт аматарскага калектыву

1. Пашпарт аматарскага калектыву – дакумент, які змяшчае асноўныя звесткі аб гэтым калектыве. Пашпарт аматарскага калектыву выдаецца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь ва ўстаноўленым парадку.

2. Форма пашпарта аматарскага калектыву зацвярджаецца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 27. Парадак стварэння прафесійных і аматарскіх калектываў, якія не з’яўляюцца арганізацыямі культуры

1. Заснавальнікам прафесійнага або аматарскага калектыву, які не з’яўляецца арганізацыяй культуры, можа выступаць юрыдычная асоба, у структуры якой ствараецца гэты калектыў.

2. Парадак стварэння прафесійнага калектыву, які не з’яўляецца арганізацыяй культуры, вызначаецца заснавальнікам гэтага калектыву.

3. Асаблівасці стварэння аматарскіх калектываў, якія не з’яўляюцца арганізацыямі культуры, у дзяржаўных клубных установах могуць устанаўлівацца заканадаўствам аб культуры і (або) статутам (палажэннем) адпаведнай клубнай установы.

Артыкул 28. Адносіны паміж заснавальнікамі, прафесійнымі і аматарскімі калектывамі, якія не з’яўляюцца арганізацыямі культуры, і іх удзельнікамі

1. Удзельнікі прафесійнага калектыву, які не з’яўляецца арганізацыяй культуры, ажыццяўляюць сваю дзейнасць на аснове ўдзелу (членства) у юрыдычнай асобе, якая выступае заснавальнікам прафесійнага калектыву, ці на падставе працоўнага або грамадзянска-прававога дагавора (кантракта), заключанага з заснавальнікам прафесійнага калектыву ў адпаведнасці з заканадаўствам.

2. Удзельнікі аматарскага калектыву, які не з’яўляецца арганізацыяй культуры, ажыццяўляюць сваю дзейнасць на аснове ўдзелу (членства) у юрыдычнай асобе, якая выступае заснавальнікам аматарскага калектыву, або прыёму (запісу) у аматарскі калектыў, што праводзіцца на аснове добраахвотнага волевыяўлення фізічнай асобы, у тым ліку па выніках папярэдняга адбору (конкурсу).

3. У выпадках, прадугледжаных заканадаўствам, удзельнікі аматарскага калектыву, які не з’яўляецца арганізацыяй культуры, маюць права на атрыманне ад заснавальніка аматарскага калектыву ўзнагароды, а таксама кампенсацыі расходаў, звязаных з ажыццяўленнем імі культурнай дзейнасці.

Артыкул 29. Кіраванне ў прафесійным і аматарскім калектывах, якія не з’яўляюцца арганізацыямі культуры

1. Кіраванне ў прафесійным або аматарскім калектыве, які не з’яўляецца арганізацыяй культуры, ажыццяўляецца заснавальнікам і кіраўніком калектыву ў адпаведнасці з заканадаўствам, устаноўчымі дакументамі (дакументамі, што вызначаюць статус) заснавальніка калектыву, а ў прафесійным калектыве – і палажэннем аб ім.

2. Кіраўнік прафесійнага або аматарскага калектыву, які не з’яўляецца арганізацыяй культуры, назначаецца на пасаду і вызваляецца ад пасады заснавальнікам калектыву. Кіраўнік калектыву нясе адказнасць за дзейнасць калектыву перад заснавальнікам.

3. Формай самакіравання ў прафесійным або аматарскім калектыве, які не з’яўляецца арганізацыяй культуры, выступае мастацкі савет, што складаецца з удзельнікаў гэтага калектыву.

Артыкул 30. Правы прафесійнага і аматарскага калектываў, якія не з’яўляюцца арганізацыямі культуры

1. Прафесійны і аматарскі калектывы, якія не з’яўляюцца арганізацыямі культуры, маюць права:

1.1. самастойна вызначаць рэпертуарную палітыку і змест культурных праграм, калі іншае не ўстаноўлена палажэннем аб прафесійным калектыве;

1.2. ажыццяўляць навучальна-творчую, рэпетыцыйную і іншую дзейнасць, накіраваную на падрыхтоўку канцэртаў, спектакляў і іншых публічных паказаў, выставак, іншых культурных мерапрыемстваў;

1.3. ажыццяўляць тэатральную, канцэртную і выставачную дзейнасць, удзельнічаць у фестывалях, аглядах, конкурсах і іншых культурных мерапрыемствах;

1.4. удзельнічаць у выкананні сацыяльна-творчых заказаў.

2. Усе здзелкі і іншыя юрыдычныя дзеянні, накіраваныя на рэалізацыю і абарону правоў, указаных у пункце 1 гэтага артыкула, а таксама іншых правоў, прадастаўленых прафесійнаму або аматарскаму калектыву, які не з’яўляецца арганізацыяй культуры, як суб’екту культурнай дзейнасці ў адпаведнасці з гэтым Законам, ажыццяўляюцца заснавальнікам калектыву па прадстаўленню яго кіраўніка.

3. Адказнасць за дзейнасць прафесійнага або аматарскага калектыву, які не з’яўляецца арганізацыяй культуры, перад дзяржавай, фізічнымі і юрыдычнымі асобамі нясе яго заснавальнік.

Артыкул 31. Заслужаныя калектывы Рэспублікі Беларусь

1. Прафесійным і аматарскім калектывам, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё беларускай нацыянальнай культуры і маюць адметныя дасягненні ў галіне мастацтва на працягу 10 гадоў, могуць быць прысвоены званні «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь» і «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь».

2. Парадак прысваення, перыядычнага пацвярджэння і пазбаўлення прафесійнага калектыву звання «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь», аматарскага калектыву звання «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь», асаблівасці іх прававога становішча вызначаюцца Урадам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 32. Народныя (узорныя) аматарскія калектывы

1. Пастаянна дзеючым аматарскім калектывам пры наяўнасці адпаведнага мастацкага ўзроўню і творчых паказчыкаў, прадугледжаных Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, можа быць прысвоена найменне «народны» («узорны»).

2. Парадак прысваення, перыядычнага пацвярджэння, пазбаўлення наймення «народны» («узорны»), асаблівасці прававога становішча аматарскага калектыву з такім найменнем вызначаюцца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 33. Акадэмічныя прафесійныя калектывы

1. Прафесійным калектывам, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё беларускай культуры і мастацтва, можа быць прысвоены статус «акадэмічны».

2. Парадак прысваення, перыядычнага пацвярджэння, пазбаўлення статусу «акадэмічны» i асаблівасці прававога становішча прафесійных калектываў з такім статусам вызначаюцца Урадам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 34. Спыненне дзейнасці прафесійнага і аматарскага калектываў, якія не з’яўляюцца арганізацыямі культуры

Спыненне дзейнасці прафесійнага або аматарскага калектыву, які не з’яўляецца арганізацыяй культуры, ажыццяўляецца па рашэнню заснавальніка калектыву, а таксама на падставах, прадугледжаных заканадаўствам.


ГЛАВА 6
КУЛЬТУРНЫЯ КАШТОЎНАСЦІ


Артыкул 35. Віды культурных каштоўнасцей

1. У залежнасці ад формы ўвасаблення зместу культурныя каштоўнасці падзяляюцца на:

1.1. матэрыяльныя культурныя каштоўнасці;

1.2. нематэрыяльныя культурныя каштоўнасці.

2. У залежнасці ад асаблівасцей захоўвання (аховы) і выкарыстання культурныя каштоўнасці падзяляюцца на:

2.1. гісторыка-культурныя каштоўнасці;

2.2. культурныя каштоўнасці, якія складаюць Бібліятэчны фонд Рэспублікі Беларусь або ўключаны ў Музейны фонд Рэспублікі Беларусь, за выключэннем прызнаных гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі;

2.3. культурныя каштоўнасці, прадстаўленыя ва ўстаноўленым парадку для надання ім статусу гісторыка-культурных каштоўнасцей;

2.4. іншыя культурныя каштоўнасці.

Артыкул 36. Гісторыка-культурныя каштоўнасці

Парадак надання матэрыяльным аб’ектам і нематэрыяльным праяўленням творчасці чалавека, якія маюць адметныя духоўныя, мастацкія і (або) дакументальныя вартасці, статусу гісторыка-культурных каштоўнасцей, іншыя пытанні аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей рэгулююцца заканадаўствам аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны.

Артыкул 361. Асаблівасці выкарыстання культурных каштоўнасцей, уключаных у культурна-гiстарычны фонд Дзяржаўнага фонду каштоўных металаў i каштоўных камянёў Рэспублiкi Беларусь

Асаблівасці выкарыстання культурных каштоўнасцей, уключаных у культурна-гiстарычны фонд Дзяржаўнага фонду каштоўных металаў i каштоўных камянёў Рэспублiкi Беларусь, устанаўліваюцца заканадаўствам у сферы дзейнасцi з каштоўнымi металамi i каштоўнымi камянямi.

Артыкул 37. Увоз, вываз і вяртанне культурных каштоўнасцей

1. Увоз у Рэспубліку Беларусь і вываз за яе межы культурных каштоўнасцей ажыццяўляюцца пад дзяржаўным кантролем.

2. Парадак вывазу за межы Рэспублікі Беларусь гісторыка-культурных каштоўнасцей рэгулюецца заканадаўствам аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны.

3. Вываз на пастаяннае захоўванне за межы Рэспублікі Беларусь матэрыяльных культурных каштоўнасцей, што складаюць Бібліятэчны фонд Рэспублікі Беларусь або ўключаны ў Музейны фонд Рэспублікі Беларусь (за выключэннем прызнаных гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі), а таксама прадстаўленых у Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь для разгляду пытання аб наданні ім статусу гісторыка-культурных каштоўнасцей, не дапускаецца, акрамя выпадкаў, калі такі вываз ажыццяўляецца згодна з уступіўшым у сілу міжнародным дагаворам Рэспублікі Беларусь аб рэстытуцыі культурных каштоўнасцей на падставе рашэння Урада Рэспублікі Беларусь, прынятага па кожнаму факту перамяшчэння культурных каштоўнасцей, ці iншых выпадкаў, прадугледжаных заканадаўчымі актамі.

4. Часовы вываз за межы Рэспублiкi Беларусь матэрыяльных культурных каштоўнасцей, якiя складаюць Бiблiятэчны фонд Рэспублiкi Беларусь або ўключаны ў Музейны фонд Рэспублiкi Беларусь (за выключэннем прызнаных гiсторыка-культурнымi каштоўнасцямi або прадстаўленых ва ўстаноўленым парадку для надання ім статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці), а таксама вываз за межы Рэспублiкi Беларусь (часовы або на пастаяннае захоўванне) iншых матэрыяльных культурных каштоўнасцей (акрамя дакументаў, якiя ўваходзяць у склад Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь), што адносяцца да культурных каштоўнасцей, абмежаваных да перамяшчэння праз мытную мяжу Рэспублікі Беларусь пры вывазе на падставах неэканамічнага характару, спіс якіх зацвярджаецца Урадам Рэспублікі Беларусь па ўзгадненню з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, дапускаюцца пры наяўнасцi дазволу Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь.

5. Тэрмін часовага знаходжання матэрыяльных культурных каштоўнасцей за межамі Рэспублікі Беларусь не можа перавышаць шасці месяцаў у год.

6. Дзеянне пунктаў 3–5 гэтага артыкула не распаўсюджваецца на культурныя каштоўнасці іншых краін, часова ўвезеныя на мытную тэрыторыю Рэспублікі Беларусь і аформленыя ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.

7. Матэрыяльныя культурныя каштоўнасці, вывезеныя за межы Рэспублікі Беларусь з парушэннем актаў заканадаўства і міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь, якія дзейнічалі ў Рэспубліцы Беларусь на момант іх вывазу, а таксама часова вывезеныя за межы Рэспублікі Беларусь у эвакуацыю або на іншай падставе і не вернутыя ў Рэспубліку Беларусь без законных падстаў, падлягаюць абавязковаму вяртанню незалежна ад часу, абставін і месца вывазу.


ГЛАВА 7
АСАБЛІВАСЦІ ПРАВАВОГА СТАНОВІШЧА І ПАРАДКУ ДЗЕЙНАСЦІ АСОБНЫХ ТЫПАЎ АРГАНІЗАЦЫЙ КУЛЬТУРЫ


Артыкул 38. Тэатры, цыркі і канцэртныя арганізацыі

1. Тэатрам, цыркам або канцэртнай арганізацыяй прызнаецца арганізацыя культуры, якая ажыццяўляе падрыхтоўку, арганізацыю, паказ і правядзенне спектакляў, канцэртаў або іншых публічных паказаў з мэтай эстэтычнага выхавання фізічных асоб, фарміравання і задавальнення іх патрэбнасцей у сцэнічным (музычным) мастацтве, папулярызацыі твораў сцэнічнага (музычнага) мастацтва, а таксама мастацкай творчасці выканаўчых калектываў і асобных выканаўцаў.

2. Усе тэатры, цыркі і канцэртныя арганізацыі адчынены для публічнага наведвання і прагляду спектакляў, іншых публічных паказаў, праслухоўвання твораў музычнага мастацтва.

3. У тэатры, цырку або канцэртнай арганізацыі ствараецца і дзейнічае мастацкі савет. Мастацкі савет з’яўляецца пастаянна дзеючым дарадчым органам, які забяспечвае ўдзел калектыву тэатра, цырка або канцэртнай арганізацыі ў вырашэнні творчых пытанняў.

Артыкул 39. Клубныя ўстановы і іх дзейнасць

1. Клубнай установай прызнаецца ўстанова культуры, якая ажыццяўляе асветныя, выхаваўчыя і забаўляльныя функцыі праз стварэнне фізічным асобам спрыяльных умоў для заняцця народнай і мастацкай творчасцю, задавальнення іх пазнавальных патрэбнасцей, а таксама патрэбнасцей у самаадукацыі, духоўным і фізічным развіцці, міжасобасных адносінах і адпачынку.

2. Дзяржаўныя клубныя ўстановы даступныя для наведвання іх фізічнымі асобамі. Дзейнасць дзяржаўных клубных устаноў грунтуецца на добраахвотнасці ўдзелу фізічных асоб у клубных фарміраваннях, прызнанні ў якасці асновы іх функцыянавання грамадскай ініцыятывы і самадзейнасці, на спалучэнні індывідуальнай і групавой работы, кіравання і самакіравання.

3. Статут клубнай установы павінен змяшчаць указанне на правы і абавязкі фізічных асоб, якія наведваюць клубную ўстанову.

4. Віды клубных устаноў, іх прававое становішча і парадак дзейнасці вызначаюцца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 40. Паркі і іх дзейнасць

1. Паркамі прызнаюцца арганізацыі культуры, якія ажыццяўляюць забаўляльныя, асветныя, эстэтычна- і эколага-выхаваўчыя функцыі праз стварэнне на сваёй тэрыторыі спрыяльных умоў для адпачынку і забаў фізічных асоб, распаўсюджвання і папулярызацыі культурных каштоўнасцей і ведаў аб прыродзе, фарміравання беражлівых і гуманных адносін да навакольнага асяроддзя.

2. Усе паркі адчынены для публічнага наведвання.

3. Статут парку павінен змяшчаць указанне на землекарыстальніка, звесткі аб зямельным участку, што складае тэрыторыю парку, вызначаць правы, абавязкі парку і фізічных асоб, якія наведваюць парк.

4. Парк ствараецца са згоды мясцовага выканаўчага і распарадчага органа па месцы знаходжання тэрыторыі парку.

5. Парк абавязаны мець генеральны план, зацверджаны адпаведным мясцовым выканаўчым і распарадчым органам.

6. Адносіны паміж паркам і мясцовым выканаўчым і распарадчым органам па месцы знаходжання тэрыторыі парку рэгулююцца дагаворам.

7. Правядзенне паркам мерапрыемстваў або ажыццяўленне іншай дзейнасці, якія могуць мець экалагічныя, сацыяльныя і іншыя вынікі, што закранаюць інтарэсы насельніцтва адпаведнай тэрыторыі, узгадняюцца з мясцовым выканаўчым і распарадчым органам па месцы знаходжання тэрыторыі парку.

8. Парк ажыццяўляе каардынацыю дзейнасці арганізацый грамадскага харчавання, гандлю, камунальнай гаспадаркі, добраўпарадкавання і азелянення, а таксама іншых арганізацый, размешчаных на тэрыторыі парку.

9. Прававое становішча паркаў, парадак іх дзейнасці вызначаюцца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 41. Навукова-даследчыя ўстановы і метадычныя цэнтры народнай творчасці (культурна-асветніцкай работы)

1. У мэтах правядзення фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў у галіне культуры, аказання метадычнай дапамогі суб’ектам культурнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь ствараюцца навукова-даследчыя ўстановы або структурныя падраздзяленні арганізацыі ў галіне культуры, метадычныя цэнтры народнай творчасці (культурна-асветніцкай работы).

2. Прававое становішча, парадак дзейнасці навукова-даследчых устаноў у галіне культуры вызначаюцца заканадаўствам аб навуковай дзейнасці. Прававы статус метадычных цэнтраў народнай творчасці (культурна-асветніцкай работы) вызначаецца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 42. Бібліятэкі, музеі, арганізацыі кінематаграфіі

Асаблівасці прававога становішча і парадку дзейнасці бібліятэк, музеяў, арганізацый кінематаграфіі вызначаюцца заканадаўствам.


ГЛАВА 8
АСАБЛІВАСЦІ НЕКАТОРЫХ НАПРАМКАЎ КУЛЬТУРНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ


Артыкул 43. Гастрольна-канцэртная дзейнасць

1. Гастрольна-канцэртная дзейнасць – дзейнасць па арганізацыі і правядзенню культурна-відовішчных мерапрыемстваў (у тым ліку дабрачынных) на сцэнічных пляцоўках або ў спецыяльна не прызначаных для гэтай мэты месцах пад адкрытым небам ці ў памяшканні з удзелам калектываў мастацкай творчасці і выканаўцаў.

2. Юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі Рэспублікі Беларусь, а таксама замежныя грамадзяне, асобы без грамадзянства, замежныя і міжнародныя арганізацыі, у тым ліку тыя, якія не з’яўляюцца юрыдычнымі асобамі, маюць права ажыццяўляць гастрольна-канцэртную дзейнасць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у парадку, які вызначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

3. Не дапускаюцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь:

3.1. распаўсюджванне рэкламы культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства да атрымання пасведчання на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь (за выключэннем выпадкаў, вызначаных Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, калі атрыманне пасведчання не патрабуецца), або без выхадных даных, прадугледжаных актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, законамі, іншымі актамі заканадаўства, або без указання спецыфiкi праводзiмага культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства (выкарыстанне або невыкарыстанне фанаграмы);

3.2. ажыццяўленне гастрольна-канцэртнай дзейнасці без пасведчання на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь (за выключэннем выпадкаў, вызначаных Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, калі атрыманне пасведчання не патрабуецца) або з парушэннем аўтарскага права і сумежных правоў ці з выкарыстаннем звестак, што складаюць дзяржаўную або іншую ахоўваемую законам тайну.

Артыкул 44. Дзейнасць творчых саюзаў і творчых работнікаў. Народнае мастацтва, народныя промыслы (рамёствы)

1. Асаблівасці прававога становішча і парадку дзейнасці творчых саюзаў і творчых работнікаў вызначаюцца заканадаўствам аб творчых саюзах і творчых работніках.

2. Асаблівасці дзяржаўнага рэгулявання і падтрымкі народнага мастацтва, народных промыслаў (рамёстваў) вызначаюцца заканадаўствам аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах).


ГЛАВА 9
УСТАНОВЫ АДУКАЦЫІ Ў ГАЛІНЕ КУЛЬТУРЫ


Артыкул 45. Установы адукацыі ў галіне культуры

1. Да ўстаноў адукацыі ў галіне культуры адносяцца ўстановы, якія падпарадкоўваюцца Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь або галоўным упраўленням, упраўленням, аддзелам культуры мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў і забяспечваюць атрыманне агульнай базавай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай і паслявузаўскай адукацыі, павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўку работнікаў культуры, а таксама пазашкольнае выхаванне і навучанне ў сферы культуры.

2. Установы адукацыі, якія не адносяцца да ўстаноў адукацыі ў галіне культуры, могуць вырашаць асобныя задачы ў галіне культуры.

Артыкул 46. Установы пазашкольнага выхавання і навучання ў галіне культуры

1. Установамі пазашкольнага выхавання і навучання ў галіне культуры прызнаюцца ўстановы, якія ажыццяўляюць эстэтычна-выхаваўчыя і асветныя функцыі праз мэтанакіраванае навучанне дзяцей і моладзі розным відам мастацтваў, стварэнне спрыяльных умоў для развіцця і рэалізацыі іх творчых здольнасцей, прафесійнага самавызначэння. Пералік устаноў пазашкольнага выхавання і навучання ў галіне культуры зацвярджаецца ў адпаведнасці з заканадаўствам.

2. Прававое становішча, парадак дзейнасці ўстаноў пазашкольнага выхавання і навучання ў галіне культуры вызначаюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам.


ГЛАВА 10
КАДРАВАЕ І ФІНАНСАВАЕ ЗАБЕСПЯЧЭННЕ КУЛЬТУРНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ


Артыкул 47. Падрыхтоўка, павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўка работнікаў культуры

1. Падрыхтоўка, павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўка работнікаў культуры ажыццяўляюцца ва ўстановах адукацыі, іншых арганізацыях у адпаведнасці з заканадаўствам.

2. Падрыхтоўка, павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўка работнікаў культуры ажыццяўляюцца за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, сродкаў фізічных і юрыдычных асоб.

3. Парадак падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі работнікаў культуры, прысваення ім кваліфікацыйных катэгорый вызначаецца ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Артыкул 48. Атэстацыя работнікаў культуры

1. Работнікі культуры, акрамя дзеячаў культуры і мастацтва, падлягаюць атэстацыі не радзей чым адзін раз у пяць гадоў, калі заканадаўчымі актамі не ўстаноўлены іншы тэрмін.

2. Парадак правядзення атэстацыі работнікаў культуры, а таксама кола асоб, якія не падлягаюць атэстацыі, вызначаюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Артыкул 49. Фінансаванне культурнай дзейнасці

1. Асновай дзяржаўных гарантый захавання, развіцця і распаўсюджвання культуры з’яўляецца фінансаванне з рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў.

2. Выключаны.

3. Фінансаванне дзейнасці дзяржаўных устаноў культуры, дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартаў у галіне культуры, дзяржаўных праграм захавання і развіцця культуры, а ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам, – іншых культурных праграм (праектаў, мерапрыемстваў) ажыццяўляецца за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў.

4. Выключаны.

5. Дадатковымі крыніцамі фінансавання дзейнасці ўстаноў культуры з’яўляюцца:

5.1. даходы ад прадпрымальніцкай дзейнасці, калі ажыццяўленне такой дзейнасці прадугледжана статутам установы культуры і заканадаўствам;

5.2. крэдыты банкаў;

5.3. добраахвотныя ахвяраванні фізічных і юрыдычных асоб;

5.4. іншыя крыніцы, не забароненыя заканадаўчымі актамі.

6. Юрыдычныя і фізічныя асобы маюць права ў адпаведнасці з грамадзянскім заканадаўствам ствараць фонды для фінансавання культурнай дзейнасці.


ГЛАВА 11
МІЖНАРОДНАЕ КУЛЬТУРНАЕ СУПРАЦОЎНІЦТВА


Артыкул 50. Задачы міжнароднага культурнага супрацоўніцтва

Задачамі суб’ектаў культурнай дзейнасці пры ажыццяўленні міжнароднага культурнага супрацоўніцтва з’яўляюцца:

узбагачэнне культурнага жыцця беларускага народа, далучэнне грамадзян, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, да каштоўнасцей сусветнай культуры;

азнаямленне сусветнай грамадскасці з культурай Беларусі;

інтэграцыя беларускай нацыянальнай культуры ў сусветную культуру і сусветную інфармацыйную прастору.

Артыкул 51. Прынцыпы міжнароднага культурнага супрацоўніцтва

Суб’екты культурнай дзейнасці пры ажыццяўленні міжнароднага культурнага супрацоўніцтва кіруюцца наступнымі прынцыпамі:

прызнанне і павага годнасці, каштоўнасці і неабходнасці захавання кожнай культуры, роўнасць культур, роўная вартасць нацыянальных культур для сусветнай культуры, разгляд усіх культур у іх разнастайнасці ў якасці складанай часткі агульнага набытку чалавецтва;

служэнне культуры справе міру, развіццю мірных і дружалюбных адносін паміж дзяржавамі;

узаемавыгаднасць (узаемная карысць) культурнага супрацоўніцтва;

абавязковасць абароны культурных каштоўнасцей у мірны і ваенны час.

Артыкул 52. Напрамкі і прававыя асновы міжнароднага культурнага супрацоўніцтва

1. Напрамкамі міжнароднага культурнага супрацоўніцтва з’яўляюцца:

1.1. міжнародны культурны абмен;

1.2. культурныя сувязі з суайчыннікамі, якія пражываюць за мяжой;

1.3. захаванне і ахова культурных каштоўнасцей;

1.4. сумесная дзейнасць па стварэнню і выкарыстанню культурных каштоўнасцей;

1.5. навукова-даследчая дзейнасць у галіне культуры;

1.6. правядзенне фестываляў, конкурсаў, аглядаў і іншых культурных мерапрыемстваў.

2. Прававымі асновамі міжнароднага культурнага супрацоўніцтва з’яўляюцца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, гэты Закон, міжнародныя дагаворы Рэспублікі Беларусь, рашэнні міжнародных арганізацый, удзельніцай якіх з’яўляецца Рэспубліка Беларусь.



Старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь
М.Дземянцей

www.agrocollege.by 

Статистика

Посетители
2
Материалы
3162
Количество просмотров материалов
31303418

Яндекс.Метрика

 

 

 Интернет-ресурсы

 

Портал Президента Республики Беларусь  Министерство образования Республики Беларусь  Могилевский областной испонительный комитет  Национальный правовой интернет-портал Республики Беларусь  Детский правовой сайт

Республиканский институт профессионального образования Главный информационно-аналитический центр Министерства образования Республики Беларусь Белорусская государственная орденов Октябрьской Революции и Трудового Красного Знамени сельскохозяйственная академия